г.Гродна- аг.Індура – аг.Адэльск

Гісторыка-культурны турыстычны маршрут “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”
  г.Гродна- аг.Індура – аг.Адэльск
А ці ведаеце вы, што ў вясковым абіходзе, у так званым “чырвоным кутку” у беларусаў замест абразоў нярэдка вісеў проста ручнік. Да таго ж, калі нараджалася дзіця, яго абвівалі ў гэты дзіўны засцярог, рукі маладых звязвалі, сімвалізуючы абарону. А ўзоры вышытых ручнікоў – гэта зашыфраваная аповесць аб жыцці народа, аб прыродзе і людзях.
Гульнева-пазнавальная праграма “Матчын ручнік” у выкананні ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання Індурскага цэнтра культуры і вольнага часу “Чароўны куфэрак” пазнаёміць вас з відамі ручнікоў гэтай мясцовасці, раскажа пра іх ужыванне ў сялянскім побыце і значэнні ў сучасным жыцці.
Не адмовім сабе ў задавальненні праехаць на поўдзень ад Гродна, каб паглядзець у весцы Індура старажытнае гарадзішча.
Археолагі прыйшлі да высновы, што ў ХІ-ХІІІ стагоддзях тут непадалек ад р.Індурка на высокім мысе быў феадальны замак. Ен меў тры абарончых валы. Унутраная амаль круглая пляцоўка была ўмацавана валам вышыней у 2 метры, а перад ім быў даволі глыбокі роў. Другая пляцоўка – знешняя, мела авальную форму і таксама была абнесена валам, вышыня якога дасягала 3м. Знайдзеныя падчас раскопак разнастайныя прылады працы, зброя і прадметы рыштунку воіна, кераміка, упрыгожанні, блізкія да знаходак, якія выяўлены ў Гродне на Замкавай гары. Раней яго называлі “Гарой крулевай Боны”.
У цэнтры вескі на пагорку стаіць велічны касцел Прасвятой Тройцы, які быў узведзены ў 1815 годзе намаганнямі ксяндза Радзевіча, а ў 1904г. рэканструяваны і пашыраны архітэктарам У.Срокам. Храм вытрыманы ў стылі ампір. Яго галоўны фасад мае магутны чатырохкалонны порцік з вялікім паўцыркульным праемам. Сцены аздабляе дарычны антаблементі і пілястры. Інтэр’ер храма мае тры алтары, выкананыя ў стылі позняга класіцызму.
Тут жа, у цэнтры вескі стаіць мураваная Свята-Аляксандра-Неўская царква. Яна была пабудавана на ахвяраванні мясцовага памешчыка А.Казлоўскага ў 1881 годзе па праекту губернскага архітэктара І.Калянкевіча. Ім жа быў выкананы і праект іканастаса. Храм вытрыманы ў рэтраспектыўна рускім стылі. Адметнасцю яго з’яўляецца змешчанае на апсідзе вялікае мастацкае пано на евангельскі сюжэт.
Кошт правядзення экскурсіі супрацоўнікамі Індурскага цэнтра культуры і вольнага часу для адной групы – 150 000 рублёў;
Кошт 1 білета для індывідульнага наведвання: для дарослых – 15 000 рублёў, для дзіцей — 10 000 рублёў.
Даведкі па тэлефонах: (8-0152) 962-795, моб.8029-268394 Давыдзік Алена Іосіфаўна, дырэктар Індурскага цэнтра культуры і вольнага часу;

На самым ускрайку Гродзенскага раёна ў кіламетрах пяці ад беларуска-польскай мяжы знаходзіцца мястэчка Адэльск. Мястэчку яшчэ ў 1546 годдзе было прадастаўлена Магдэбурскае права і статус города. Пазней гэта быў самы маленькі горад Расійскай імперыі. У Адэльску быў свой цагляны завод, барочная сінагога і да нядаўняга часу помнік драўлянага дойлідства – ветраны млын. Манументальная на знешні выгляд пабудова з дапамогай доўгага бруса-рычага магла разварочвацца па ветры вакол цэнтральнага слупа-апоры на магутнай крыжавіне ў аснове.
Захавалася шмат старажытных дамоў – драўляна -каменных: з дроў і цэмента, якія нідзе болей у Беларусі не сустракаюцца.
Адэльск – радзіма архіепіскапа Тадевуша Кандрусевіча, мітрапаліта Мінска-Магілеўскай архіепархіі;
Тайнамі народнага драўлянага дойлідства падзеліцца касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1пал.18ст.), дзе знаходзіцца цудадзейсная ікона Святога Антонія і грае арган.
У 2010 годзе на скрыжаванні вуліц Школьнай і Рыначнай устаноўлены помнік Святому Антонію Падуанскаму.
Жывапіснае мястэчка Адэльск здаўна славіцца выдатнымі і таленавітымі людзьмі. Адным з такіх дзеячаў, які праславіў свой родны куточак, з’яўляецца Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч, выдатны творца, музыкант, рэстаўратар і майстар. Вынікам яго шматгадовай працы стала адкрыццё на базе Адэльскага Цэнтра культуры і народнай творчасці музейнага пакою драўляных музычных інструментаў.
У музеі прадстаўлена больш за 100 вырабаў майстра: Гарадзенскія трубы, флейта Пана, двайныя флейты, жалейкі, паляўнічыя рагі, трэмбіты, трашчоткі, старадаўні бубен, дудачкі. Асаблівую цікавасць прыцягвае да сябе дудка з янтарнага дрэва, якому ўжо болей 300 гадоў. Унікальная калекцыя драўляных акарын ў выглядзе птушак і рыб — адзіная ў Еўропе. Да кожнага інструмента майстар старанна падбірае розныя пароды дрэў: клен, акацыю, ясень, чаромху, сасну, дуб, рабіну, чорны бэз і нават індыйскі бамбук. І толькі яму зразумела, як і з якога дрэва можна зрабіць той ці іншы інструмент, і яшчэ колькі год гэты матэрыял трэба высушваць.
Пабываўшы ў музеі Мар’яна Антонавіча, можна азнаёміцца з шматлікімі драўлянымі музычнымі інструментамі, якія здаўна вядомы на Беларусі, не толькі пабачыць, але і пачуць іх чароўнае гучанне, бо Мар’ян Антонавіч з’яўляецца выдатным музыкантам.
Яшчэ ў адным куточку народнай творчасці Вы зможаце пабачыць старадаўнія сталярныя прылады працы, а таксама скульптуры з дрэва, зробленыя рукамі Мар’яна Антонавіча.
Што лепш за ўсё адлюстроўвае самабытную культуру Беларусі? Канешне, народная творчасць і традыцыйныя рамествы.
Звярніце ўвагу на калекцыю рушнікоў са старажытнымі беларускімі арнаментамі, якую стварыла мясцовая майстрыха Наталля Мікалаеўна Кавалькова. Наведаўшы гэты куточак народнай творчасці, Вы зможаце азнаеміцца з вышыванымі вырабамі майстрых гэтага рэгіёна, прыняць удзел у майстар-класе і асвоіць асновы вышыўкі гладдзю і крастом, традыцыйныя тэхнікі шматнітковага і падвойнага ткацтва на старажытных кроснах (пач.20 ст.), якія падаравала Цэнтру жыхарка Адэльска Т.А.Шупіцкая.
А аматараў фотоздымкаў чакае фотавыстава «Адэльск: учора и сення» і прэзентацыя “Маленькі куточак Радзімы — Адэльск”.
Кошт правядзення экскурсіі супрацоўнікамі Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці для адной групы – 200 000 рублёў;
Кошт 1 білета для індывідуальнага наведвання: для дарослых — 15 000 рублёў, для дзіцей — 10 000 рублёў.
Экскурсія праводзіцца па папярэдняй заяўцы.
Даведкі па тэлефонах: (8-0152) 963-420, моб.8029-27827949 Раткоўская Лілія Антонаўна, дырэктар Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці.